Віртуальны кабінет беларускай мовы і літаратуры (агляд)

Агляд зрабіла Паржон Юлія Андрэеўна,
студэнтка філалагічнага факультэта БДУ

Віртуальны кабінет беларускай мовы і літаратуры (http://belmova-lit.narod.ru) створаны настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 г. п. Зэльва. Гэтым сайтам могуць карыстацца вучні і настаўнікі не толькі гэтай школы, але і іншых навучальных устаноў. Асноўная мэта выкарыстання – павышэнне узроўню ведаў па беларускай мове, а для настаўнікаў – падрыхтоўка да ўрокаў. Я думаю, што выкарыстанне гэтага рэсурса будзе вельмі карысным для вучняў сярэдняй школы.

На сайце прадстаўлены наступныя раздзелы: нарматыўныя дакументы, метадычныя матэрыялы, дыдактычныя матэрыялы, падрыхтоўка да ЦТ, пазакласная работа, бібліятэка, старонка пытанняў і прапаноў, тэсты анлайн. У раздзеле “Нарматыўныя дакументы” змешчаны дакументы, без якіх немагчыма праца любога настаўніка беларускай мовы і літаратуры: вучэбныя праграмы, адукацыйныя стандарты, нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, прыкладнае планаванне. А вось Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” можа спатрэбіцца і вучням таксама. Там можна знайсці і прэзентацыі па беларускай арфаграфіі. У раздзеле “Метадычныя матэрыялы” настаўнікі могуць знайсці карысную інфармацыю для правядзення ўрокаў па беларускай мове і літраратуры. У раздзеле “Дыдактычныя матэрыялы” змешчаны заданні для праверкі ведаў вучняў. Раздзел “Падрыхтоўка да ЦТ” будзе карысны для адзінаццацікласнікаў, якія знойдуць там прыкладныя варыянты тэстаў і парады, як падрыхтавацца да здачы выпускнога экзамену і ЦТ. Раздзел “Пазакласная работа” прысвечаны настаўнікам, там ёсць распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў па беларускай мове і літаратуры. У раздзеле “Бібліятэка” размешчаны аўдыязапісы некаторых твораў беларускай літаратуры, слоўнікі, а таксама інфармацыя пра беларускіх мастакоў. У раздзеле “Тэсты анлайн” вучні могуць самастойна праверыць свае веды па некаторых тэмах школьнай праграмы.

Паводле першай класіфікацыі КСН (гл. прэзентацыю) разглядаемы рэсурс можна аднесці да праграмных сродкаў (сістэм). Згодна з другой класіфікацыяй па вырашаемых педагагічных задачах рэсурс адносіцца да камп’ютарных сістэм навучання, па шырыні ахопу вучэбнага матэрыялу – да неітэгральных, па ўзроўню адукацыі – да школьнай адукацыі, па формах прадстаўлення інфармацыі – да мультымедыйных, па рэалізацыі інтэлектуальных функцый – да неінтэлектуальных КСН.

Увогуле сайт карысны. Інфармацыя правільна размеркавана ў розныя раздзелы у залежнасці ад мэтавай накіраванасці і аўдыторыі, для якой яна прызначаецца. Але трэба адзначыць, што некаторыя раздзелы патрабуюць далейшай дапрацоўкі. Напрыклад, у раздзеле “Тэсты анлайн” прадстаўлены тэсты толькі па арфаграфіі, але ў беларускай мове ёсць і іншыя раздзелы, вывучэнне якіх можа выклікаць цяжкасці.

Увогуле, мне спадабалася, што настаўнікі гэтай школы стварылі такі карысны сайт. Было б добра, каб у кожнай школы быў падобны рэсурс. На маю думку, гэта можа павысіць узровень ведаў па прадмеце і цікавасць вучняў да яго вывучэння.