Агляд зрабіла Настасся Краснова,
студэнтка філалагічнага факультэта БДУ
Зачапіў напачатку знешні выгляд галоўнай старонкі, але і напаўненне таксама не расчаравала. Сэнс і канцэпцыя навучання вельмі нагадвае сістэму Rosetta Stone, дзе галоўны акцэнт робіцца менавіта на засваенне гутарковай мовы. Rosetta Stone у свой час вельмі дапамог мне ў вывучэнні англійскай мовы, менавіта гутарковай мовы, бо граматыкі там або няма зусім, або яна падаецца як пабочная з лексікі, г.зн. навучэнец засвойвае граматыку ў працэсе засваення лексікі незаўважна, толькі праз нейкі час разумее, што адказвае на пытанні, выкарыстоўваючы правілы граматыкі выключна як патрэбна.
Рэсурс Livemocha пайшоў па тым жа шляху, навучаючы толькі гутарковай, у нашым выпадку – беларускай, мове. Такім чынам, рэсурс падыходзіць толькі тым, хто хоча навучыцца размаўляць, хай нават і не ідэальна. Але галоўную мэту рэсурс выконвае – навучэнец разумее, што яму сказалі і нават напісалі, а яго суразмоўнік разумее, што яму адказалі вусна або пісьмова.
Могуць гэтым сайтам карыстацца і навучэнцы ў сярэдняй школе, калі ў іх ёсць такая неабходнасць. Але цікава будзе толькі тым, хто хоча пачаць вывучэнне, як кажуць, “з нуля”. Бо ў свабоднай версіі (free) навучанне спыняецца на ўзроўні 1: Асновы. У любым выпадку правіл правапісу або ўвогуле якіх-небудзь правіл і тлумачэнняў вы там не ўбачыце, толькі практыка мовы ў чыстым выглядзе.
Існуюць платная і свабодная версіі рэсурса Livemocha. Пра платную нічога не магу сказаць, бо рэгістравалася толькі на свабоднай версіі, і такая версія прапаноўвае нам наступныя раздзелы:
- Прывітанне і пакуль
- Вялікія лікі (20+)
- Мая сям’я
- Ветлівыя словы
- Поры году
- Яшчэ колеры
- Як справы
- Раніца, дзень, вечар
- Які сёння дзень?
- Надвор’е
- Тыдзень
- Алфавіт
- Лічбы ад 11 да 20
- Асноўныя колеры
- Вы з якой краіны?
- Учора, сёння, заўтра
- 12 месяцаў
- Добры дзень. Мяне завуць…
- Считаем до 10
- Колькі часу?
На гэтым тэмы чамусьці спыняюцца, але маецца меркаванне, што па меры выканання заданняў могуць адкрывацца новыя тэмы.
Выбіраем якую-небудь тэму, напрыклад, першую і бачым на экране наступнае:
І пачынаем выконваць блокі заданняў. Першы блок “Уводзіны”, дзе нам паказваюць слова (на сам рэч гэтыя чалавечкі машуць “прывітанне” адзін аднаму) і агучваюць гэтае слова.
Наступны блок – “Лексіка”, дзе нам яшчэ раз паўтараюць словы, а мы павінны націснуць кнопку “зразумела”, каб перайсці на наступны блок заданняў “Ужыванне”.
Таксама націскаем “зразумела” і пераходзім да наступнага блока “Практыка ўжывання”.
Выконваючы заданні, паступова праходзім блок за блокам, а потым і раздзел за раздзелам.
З метадычнага пункту гледжання такі парадак блокаў з заданнямі я лічу правільным. Напачатку мы знаёмімся з новым словам, потым зноў бачым гэтае слова і яшчэ некалькі новых словаў, потым бачым іх ужыванне ў маўленні, спрабуем зразумець, якое слова лепш выкарыстаць у канкрэтнай моўнай сітуацыі. Затым чытаем і пішам, потым чытаем і кажам, слухаем і пішам, слухаем і кажам. Ланцужок “знаёмства – атачэнне – карыстанне – чытанне+маўленне – пісанне – слуханне – маўленне” найбольш паспяховы.
Калі казаць пра месца рэсурса Livemocha ў класіфікацыі КСН, то атрымліваецца наступнае:
- Паводле класіфікацыі, размешчанай у “Вестніку адукацыi”, №9, 2009. – С.11-22, рэсурс Livemocha можна аднесці адначасова і да тыпу навучальных праграмнах сродкаў, і да тыпу дэманстрацыйных праграмных сродкаў, і да тыпу навучальна-гульнявых праграмных сродкаў.
- Паводле класіфікацыі Башмакова А.І. і Башмакова І.А, рэсурс Livemocha можна аднесці да камп’ютарных навучальных комплексаў (паводле вырашаемых педагагічных задач), да інтэгральнай КСН (паводле шыраты ахопу навучальнага матэрыялу), да сеткавай КСН, якая арыентаваная на глабальныя сеткі і прадугледжвае узаемадзеянне навучэнцаў (паводле выкарыстання тэлекамунікацыйных тэхналогій), да мультымедыйнай КСН (паводле формы ўяўлення інфармацыі), да КСН, якая спалучаная з рэальнымі аб’ектамі (паводле характару мадэлі або працэса, якія вывучаюцца), да КСН з падтрымкай натуральна-моўнага дыялогу (паводле віда інтэрфейса для карыстальнікаў), да інтэлектуальных КСН (паводле рэалізацыі інтэлектуальных функцый) .
У агульным курс цікавы, курс, які па-сапраўднаму дапаможа пачаць размаўляць на незнаёмай мове на знаёмыя тэмы. Але, як і ўсё ў нашым жыцці, мае свае плюсы і мінусы. Пачнем.
Плюсы я бачу ў наступным:
+магчымасць запісу свайго голасу і прайгравання яго;
+магчымасць размаўляць з носьбітамі вывучаемай мовы як пісьмова, так і вусна (трэба толькі мець мікрафон). Да гэтага скажу, што сайт Livemocha пазіцыянуе сябе яшчэ і як сацыяльная сетка для ўсіх, хто імкнецца вывучаць замежную мову;
+падыходзіць для моладзі (можна знайсці сяброў па ўсім свеце).
Мінусы наступныя:
- Некаторыя гукавыя практыкаванні зусім не выразныя;
- Не па кожнаму малюнку можна зразумець, пра што ідзе размова ў практыкаванні;
- Няма граматыкі;
- Шмат функцый не працуе ў свабоднай версіі.
Не хапіла мне раздзелаў у гэтым рэсурсе. Пісала вышэй, але паўтару, наступныя раздзелы могуць адкрывацца па меры праходжання заданняў, а я далей другога раздзела не дайшла.
Памылак не заўважыла.
І напрыканцы хацелася б расказаць яшчэ пра адзін цікавы момант рэсурса Livemocha. Кожны новы тэматычны раздзел можна пачаць толькі за некаторую колькасць манет. Манеты выдаюцца напачатку ўсіх заняткаў, потым за кожнае выкананае заданне, а таксама за дапамогу іншым карыстальнікам сац.сеткі. Пра гэта таксама напісана і ва ўсплывовым меню.
Націскаем “Навучанне” і чытаем.