Агляд рэсурса kazki.by

Агляд зрабіла Конаўка Ганна Уладзіміраўна,
студэнтка філалагічнага факультэта БДУ

Рэсурс, які мяне найбольш зацікавіў – http://kazki.by/. Падобных яму, для вывучэння беларускай мовы, я раней не сустракала. Сайт зроблены для бацькоў і іх дзетак. Аўдыторыя сайта, па іхніх жа словах гэта: расейска- і беларускамоўныя маладыя бацькі ад 22 да 35 гадоў. 60% жанчыны, 40% мужчыны (лічба ў 40 адсоткаў у мужчын мяне вельмі цешыць). Галоўная мэта сайта – папулярызацыя беларускай мовы ў сем’ях, далучэнне маленькіх беларусаў да роднай мовы, да родный культуры. Паколькі беларускай дзіцячай літаратуры выдаецца мала, то гэты сайт надзвычай неабходны. Я лічу, што карыстацца гэтым сайтам трэба не толькі дома, але і ў дзіцячых садках – гэта дасць магчымасць ужо з маленькага ўзросту чуць і ўпітваць у сябе родную мову. Дзеці будуць расці і развівацца чуючы беларускія вершыкі, калыханкі. Выкарыстанне гэтага рэсурса ў сярэдняй школе цалкам магчымае, бо сайт разлічаны і на дзяцей-школьнікаў. Выкарыстоўваць рэсурс можна з першага класа і аж да пераходу на другую ступень адукацыі.

На сайце некалькі раздзелаў і шмат падраздзелаў. Менавіта для дзетак: казкі (сюды ўваходзяць лінгвістычныя казкі, народныя казкі, кнігі цалкам, аўтарскія казкі) у гэты ж раздзел уваходзяць вершы, байкі, песні, пераклады; наступны раздзел – выказванні (анекдоты, жарты і самі выказванні); фальклор (дражнілкі, забаўкі, загадкі і інш.); медыя (аўдыя, відэа, дыяфільмы, пропісы, маляванкі і інш.). Таксама на сайце ёсць рубрыкі, якія будуць карыснымі для бацькоў: сцэнарыі, конкурсы, артыкулы для бацькоў. Усе пералічаныя раздзелы накіраваны на ўсебаковае развіццё маленькіх дзетак у рэчышчы беларускай народнай культуры. Сайт разлічаны на дапамогу ў выхаванні дзетак-беларусаў з выкарыстаннем роднай ім мовы.

Разглядаемы рэсурс можна аднесці да наступных тыпаў КСН згодна з вывучанай класіфікацыяй КСН:

Дадзены рэсурс адносіцца да: забаўляльныя праграмныя сродкі (выкарыстоўваюцца пры арганізацыі пазакласнай работы навучэнцаў). Па вырашаемым педагагічным задачам: камп’ютарныя сістэмы навучання. Па шырыні ахопу навучальнага матэрыялу: неінтэгральныя. Па ўзроўню адукацыі: для школьнай адукацыі. Па формам прадстаўлення інфармацыі: мультымедыйныя. Па віду карыстальніцкага інтэрфейса: з традыцыйным графічным карыстальніцкім інтэрфейсам. Па рэалізацыі інтэлектуальных функцый: неінтэлектуальны.

Рэсурс вельмі цікавы і патрэбны. Падобных яму, асабіста я, яшчэ не сустракала. Сайт дае добрую магчымасць далучыцца самому і далучыць сваіх дзяцей да беларускай мовы, у тым ліку і ў гульнявой форме. На сайце прадстаўлена некалькі раздзелаў з вялікай колькасцю падраздзелаў. Асобна вылучаюцца катэгорыі для людзей рознага ўзросту: малышам (1-3 годзіка); дашкольнікам (3-7 гадкоў); школьнікам (7+) і раздзел для дарослых. У асобнай рубрыцы размешчаны навіны з адпаведнай назвай, дзе бацькі могуць пазнаёміцца з інфармацыяй, якая можа датычыцца іх сямей. Найбольш цікавы раздзел “Медыя” у якім знаходзяцца: аўдыя, відэа, дыяфільмы і шмат чаго іншага для нагляднага вывучэння матэрыялу. Рэсурс вельмі развіты – раздзелы запоўнены вялікай колькасцю інфармацыі на “любы густ”. Ёсць недахопы, на мой погляд, у першым раздзеле, які мае назву “Казкі”. Першыя чатыры падраздзелы і павіны ўваходзяць сюды, але для астатніх: вершыкі, байкі, пераклады, песні і астатніх было б лепей, каб былі створаны асобныя раздзелы: вершы, байкі і песні можна абагульніць адным раздзелам, а пераклады і астатнюю прозу іншым. Катэгорыі ўзросту таксама можна вынесці ў асобны раздзел. Рубрыка пропісы ўвогуле пустуе.